Правила игр

Правілы для гульні «Сіндбад. Востраў Смерці»

Уявіце, што вы адправіліся ў небяспечнае падарожжа ўслед за Сіндбадам. Лёс закінуў вас на востраў Смерці, адсюль ніхто не вяртаўся жывым… тут валадарыць злосны дракон. Ён вечна галодны і з задавальненнем з’есць вас і вашых спадарожнікаў. Не спалохаліся? Тады наперад!

Колькасць гульцоў: 1–3.
Для гульні спатрэбяцца: кубік, фішкі для гульцоў і дракона.
Мэта гульні: выбрацца з вострава (выйсці за межы дарожкі).
Пачатак гульні: пастаўце фішку вандроўніка на старт, а фішку дракона — на апошні зялёны кружок.

АГУЛЬНЫЯ ПРАВІЛЫ

Гульцы кідаюць кубік. Калі на кубіку выпалі лічбы 1–4, фішка вандроўніка перамяшчаецца на адпаведную колькасць крокаў.

Калі выпала 5 ці 6, дракон пералятае на бліжэйшы да яго зялёны кружок.

Важна: дракон імкнецца з’есці падарожнікаў, таму пералятае на бліжэйшыя да іх зялёныя кружкі!

Калі вы апынуліся на адным кружку з драконам, не адчайвайцеся. Адзін раз за гульню на дапамогу прыйдзе птушка Рух — яна перанясе вас на 1–3 крокі назад (па выбары гульца). Але калі пападзецеся зноў — дракон вас з’есць.

Калі вандроўнік мінуў дракона і выйшаў за межы дарожкі — перамога за ім. Калі гуляюць некалькі падарожнікаў, астатнія працягваюць гульню.

Калі дракон з’еў першага гульца, той можа працягнуць гульню на баку дракона.

Калі дракон з’еў усіх гульцоў — ён перамог.

ВАРЫЯНТЫ ГУЛЬНІ

Адзін гулец гуляе і за сябе, і за дракона. Гулец кідае кубік і ў залежнасці ад таго, якія выпалі лічбы, перамяшчае фішку вандроўніка або дракона. Такі варыянт гульні рэкамендуем для самых маленькіх гульцоў.

Два гульцы: абодва гуляюць супраць дракона або адзін за сябе, а другі за дракона. Кубік кідаюць па чарзе.

Тры гульцы: усе гуляюць супраць дракона або адзін з гульцоў за дракона (кубік ён не кідае).


ВIДЭА-ПРАВIЛЫ ГУЛЬНI


Поспехаў вам, адважныя вандроўнікі!

Добавить комментарий